ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,

сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.

У.​Г.​Філякоў.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)